вторник, 24 августа 2021 г.

Комікс як сродак фарміравання медыяінфармацыйнай пісьменнасці ў навучанні гісторыі

 

Комікс як сродак фарміравання медыяінфармацыйнай пісьменнасці ў навучанні гісторыі

Таццяна Шумель,
дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гарадоцкі
навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа Маладзечанскага раёна”

Ці  вам знаёмыя капітан Холад, прафесар Зум, а Супермэн, Бэтмен, Марвел, Чалавек-павук і іншыя яркія прадстаўнікі ўражлівага сонму супергерояў? (Адказы.) Так, гаворка пойдзе пра коміксы!

Гэты від графічнага мастацтва дазваляе лёгка зрабіць урок цікавым і запамінальным.

Існуе шмат азначэнняў коміксу, аднак усе яны ў цэлым зводзяцца да таго, што комікс уяўляе сабой серыю малюнкаў, у якой распавядаецца якая-небудзь гісторыя. У сучаснай педагогіцы таксама выкарыстоўваецца тэрмін графічная навэла (graphic novel).

Цэлыя пакаленні людзей па ўсім свеце выраслі на коміксах. І да нашых дзён гэты від творчасці застаецца запатрабаваным і любімым сярод дарослых і дзяцей. Аб неверагоднай папулярнасці коміксаў сведчыць і той факт, што самыя гучныя кінапрэм’еры апошніх гадоў так ці інакш звязаныя з легендарнымі кнігамі коміксаў.

Большасць людзей коміксы як сур’ёзную літаратуру не ўспрымаюць. Лічаць, што чытанне коміксаў – гэта занятак забаўляльнага характару, і ніякай пазнавальнай або навучальнай функцыі ён не нясе.

Аднак навукоўцы даказалі, дзеці значна лепш успрымаюць і запамінаюць інфармацыю, атрыманую з малюнка, а не са звычайнага тэксту. Сучасны працэс візуалізацыі інфармацыі змяняе характар яе ўспрымання чалавекам, асабліва падлеткам. Яны лепш засвойваюць візуальную інфармацыю, чым вербальную. Нават даросламу чалавеку сабраць нешта па інструкцыі лягчэй, калі яна суправаджаецца малюнкамі. Такім чынам, малюнкі спрыяюць запамінанню тэксту. Дык чаму б не скарыстацца менавіта гэтай “карыснасцю” коміксу?

Вучню ў яго адукацыйнай дзейнасці патрабуецца вывучыць вялікую колькасць інфармацыі, тэксту, правілаў і інш. Вядома, перавесці ўсе падручнікі ў фармат коміксу не выйсце, але для замацавання пройдзенага або асабліва праблемнага матэрыялу, адлюстраваць яго ў коміксе магчыма. Таксама, коміксы спрыяюць развіццю візуальнага мыслення навучэнцаў.

Коміксы павышаюць матывацыю да вучэння, яны здольныя прыкаваць наш погляд і прымусіць прачытаць рэплікі герояў. Чытаць коміксы значна лягчэй і цікавей, чым доўгія тэксты. Чытанне і разуменне кароткіх коміксаў можа ўсяліць упэўненасць у сваіх здольнасцях, якая часам так неабходная ў працэсе навучання!

Вясёлыя карцінкі забяспечваюць візуальную падтрымку навучанню і, самае галоўнае, дазваляюць зняць напружанне, заціск, які ўзнікае пры вывучэнні незнаёмага матэрыялу. Успомніце, ці добра вы разумееце і запамінаеце інфармацыю, калі напалоханыя і напружаныя? Коміксы настройваюць на жартаўлівы лад, дазваляюць расслабіцца і наш мозг зноў здольны ўспрымаць інфармацыю.

Але ёсць у коміксаў і свае мінусы. Вучыцца на адных коміксах немагчыма, бо чытанне нельга абмяжоўваць толькі маляўнічымі малюнкамі, інакш мы рызыкуем зусім адвыкнуць ад больш аб’ёмных тэкстаў і кніг. Малюнкі не павінны адцягваць ад чытання. Акрамя таго, пры чытанні коміксаў могуць узнікнуць складанасці з разуменнем гумару, бо тое, што лічыцца смешным у адной краіне, можа такім не лічыцца ў іншай.

Разгледзім некалькі класіфікацый коміксаў. Н. В. Чарнова і Н. М. Макарава[1] вылучаюць наступныя віды гістарычных коміксаў:

- безтэкставыя коміксы;

- коміксы на маналагічныя сюжэты;

- дыялагічныя коміксы.

Яшчэ з адной класіфікацыяй я сустрэлася ў работах Г.Э. Давідоўскай[2]:

- коміксы-пародыі на гістарычнае мінулае;

- прыгодніцкія коміксы на фоне гістарычных падзей;

- рэальна-гістарычныя коміксы;

- коміксы аўтабіяграфіі.

Але шмат працуючы з коміксамі, я склала сваю класіфікацыю выкарыстання коміксаў на ўроках:

коміксы, якія выкарыстоўваюцца на арыентацыйна-матывацыйным этапе;
вывучэнне міфаў, легенд, крылатых выразаў;
вывучэнне гістарычных паняццяў, тэрмінаў;
вывучэнне біяграфій гістарычных дзеячаў, мастакоў, пісьменнікаў, навукоўцаў і інш.;
складанне і агучванне інтэрв’ю;
вывучэнне гістарычных дакументаў;
на ўроках абагульнення;
для выніковага паўтарэння вывучанага матэрыялу па тэме, раздзеле;
для ўстанаўлення правільнага ходу гістарычных падзей;
праверка дамашняга задання, этап першаснага замацавання ведаў;
праца ў групах;
састаўленне комікс-канспекта.
На ўроках можна выкарыстоўваць як гатовыя коміксы, так і вучыць школьнікаў ствараць свае (групай або індывідуальна). Стварэнне коміксу, з аднаго боку, гэта цікавае заданне для саміх навучэнцаў. Пры гэтым не абавязкова ўмець маляваць. Можна зрабіць комікс-калаж або выкарыстоўваць сучасныя камп’ютарныя праграмы.

Выкарыстоўваць коміксы можна ў розных варыяцыях і на розных этапах урока. Разглзедзім варыянты майго выкарыстання коміксаў на ўроках гісторыі[3]:

1. Коміксы, якія выкарыстоўваюцца на арыентацыйна-матывацыйным этапе.

З мэтай зацікавіць, прыцягнуць увагу навучэнцаў да новай тэмы на арганізацыйна-матывацыйным этапе можна выкарыстаць папярэдне створаны комікс. Да прыкладу, падчас вывучэння тэмы “Легендарны пачатак Рыма” (§ 17 вучэбнага дапаможніка, сусветная гісторыя, V клас) вучням дэманструецца комікс на якім часткова адлюстравана легенда аб заснаванні Рыма. Ім прапаноўваецца разгледзець комікс і адказаць на пытанні да яго. Заслухаўшы адказы, настаўнік не гаворыць, ці ёсць сярод іх правільныя. Пасля вывучэння новай тэмы ў канцы ўрока вучні вяртаюцца да комікса і настаўнік расказвае легенду аб заснаванні Рыма. Такім чынам, вучні атрымоўваюць адказы на пытанні, якіх не ведалі на пачатку ўрока.

Легендарны пачатак Рыма. Сусветная гісторыя, V клас

Стогадовая вайна (1337-1453). Сусветная гісторыя, VI клас

Пытанні:

1. Якой падзеі прысвечаны комікс?
2. Ці пазналі вы персанажаў? Калі гэта рэальныя фігуры – назавіце іх.
3. Чаму вайна працягвалася 116 гадоў?
4. Назавіце ўдзельнікаў вайны.
5. Што паслужыла повадам да пачатку вайны?
6. Назавіце прычыны вайны.
7. Чым закончылася вайна?
8. Як апісанае ў коміксе суадносіцца з гістарычнай рэчаіснасцю?


2. Вывучэнне міфаў, легенд, крылатых выразаў.

Пасля вывучэння тэмы “Дзяржава Аляксандра Македонскага” (§ 11 вучэбнага дапаможніка, сусветная гісторыя, V клас) у якасці дамашняга задання вучням было прапанавана намаляваць комікс на крылаты выраз “Гордзіеў вузел”, “ажывіць” яго персанажа – Аляксандра Македонскага. Для прадуктыўнага выканання такога задання вучням раздаецца памятка па складанні комікса і адпаведнае заданне. На наступным уроку яны прадстаўляюць свае работы, на аснове іх сюжэтаў пераказваюць гісторыю стварэння крылатага выразу “гордзіеў вузел”, аднакласнікамі ацэньваецца выкананая работа. Гэта спрыяе разуменню вучнямі вучэбнай інфармацыі, фарміруе ўвагу, на першы погляд, да другарадных фактаў, развівае дробную маторыку і вобразную памяць.

Дзяржава Аляксандра Македонскага. Гордзіеў вузел. Сусветная гісторыя, V клас

3. Вывучэнне гістарычных паняццяў, тэрмінаў.

На шляху да дзяржавы: Што такое веча. Гісторыя Беларусі, VI клас

Пытанні:

  1. Што такое веча?
  2. Хто збіраўся на веча?
  3. Якія пытанні вырашаліся на вечы?
  4. Чаму веча з цягам часу перастала збірацца?
  5. Што з’яўляецца прататыпам веча ў сучаснасці? Чаму вы так лічыце?


4. Вывучэнне біяграфій гістарычных дзеячаў, мастакоў, пісьменнікаў, навукоўцаў і інш.

На аснове коміксаў можна вывучаць і біяграфіі гістарычных асоб. Вучням загадзя прапануецца скласці комікс на аснове матэрыялу вучэбнага дапаможніка і дадатковых крыніц. Такая дзейнасць стымулюе пазнавальны інтарэс вучняў, фарміруе інфармацыйную кампетэнтнасць, уменне сцісла прадстаўляць факты ў форме дыялогу. Так, для складання комікса пра беларускага асветніка XVI ст. Сымона Буднага (§ 13 вучэбнага дапаможніка, гісторыя Беларусі, VІ клас) два вучні атрымалі гатовы шаблон комікса, у які ім у форме дыялогу неабходна было запісаць звесткі пра дзейнасць Сымона Буднага і прадставіць аднакласнікам.

Тыя, у сваю чаргу, павінны былі разгледзець комікс і адказаць на пытанні да яго.

Рэфармацыя і Контррэфармацыя: Сымон Будны. Гісторыя Беларусі, VI клас

  1. Складанне і агучванне інтэрв’ю.

Пры складанні коміксаў на ўроках гісторыі шырока ўжываецца інтэрв’ю. Складанне і агучванне інтэрв’ю садзейнічае павышэнню вобразнасці вуснага апавядання і фарміруе пачуццё эмпатыі. Мною практыкуецца складанне інтэрв’ю пры вывучэнні пытанняў культуры. Так пры вывучэнні тэмы “Беларускія літаратура і тэатр у 1860-х гг. – пачатку ХХ ст.” (гісторыя Беларусі, VІІІ клас), п. “Развіццё беларускай літаратуры” (§ 25 вучэбнага дапаможніка) вучні дзеляцца на пяць груп і працуюць з біяграфіямі: Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Ігната Буйніцкага. Групы атрымоўваюць незапоўненыя лісты комікса, дадатковы матэрыял пра пісьменнікаў. Кожнай групе неабходна прачытаць адпаведны матэрыял у вучэбным дапаможніку, дадатковы матэрыял, уявіць сябе журналістамі і на аснове атрыманай інфармацыі скласці інтэрв’ю, аформіць яго ў форме комікса, прэзентаваць сваю работу. Пасля ўдзельнікі іншых груп задаюць пытанні на ўдакладненне.

Беларускія літаратура і тэатр у 1860-х – пачатку ХХ ст. Гісторыя Беларусі, VІІI клас

6. Вывучэнне гістарычных дакументаў.

Вельмі шмат для вывучэння ў падручніках гісторыі сустракаецца гістарычных дакументаў. Таму цікавей, канечне, іх разабраць, калі яны прапісаны ў форме комікса.

Ператварэнне Егіпта ў магутную дзяржаву: Дагавор паміж хецкім царом Хатусілі III і егіпецкім фараонам Рамзесам II. Сусветная гісторыя, V клас

Пытанні:

  1. Паміж кім падпісаны дадзены дагавор?
  2. Якімі краінамі кіравалі дадзеныя асобы?
  3. Што вам вядома пра іх праўленне?
  4. У сувязі з якімі падзеямі быў падпісаны дадзены дагавор?
  5. Што згодна з дагаворам павінен быў выконваць кожны правіцель?
  6. Што павінен зрабіць хецкі цар, калі прыйдзе вораг супраць Егіпта?
  7. Чаму падобныя дагаворы ў гісторыі дзяржаў атрымалі назву “мірных”?

 7. На ўроках абагульнення.

На ўроку абагульнення па раздзеле “Старажытны Егіпет” (сусветная гісторыя, V клас) з мэтай выяўлення ведання вучнямі факталагічнага матэрыялу вучням прапаноўваецца прачытаць дыялог паміж персанажамі і пасля па ланцужку агучыць прапушчаныя гістарычныя факты. Гэта садзейнічае паўтарэнню вучнямі засвоенага матэрыялу.

Абагульненне па раздзеле “Старажытны Егіпет”. Сусветная гісторыя, V клас


8. Для выніковага паўтарэння вывучанага матэрыялу па тэме, раздзеле.

Для выніковага паўтарэння вывучанага матэрыялу па тэме “Ахейская Грэцыя” п. 3 “Траянская вайна” (§ 3 вучэбнага дапаможніка, сусветная гісторыя, V клас) вучням прапаноўваецца набор гатовых выяў, аркуш фармата А4, клей. Ім неабходна правільна скласці комікс па гісторыі Траянскай вайны і “ажывіць” яе герояў, адказаць на пытанні да комікса. Настаўнік нагадвае вучням правіла “ажыўлення” героя: у воблачках запісваюцца словы персанажаў, або іх думкі. Калі вучні стварылі комікс, настаўнік з дапамогай пытанняў арганізоўвае калектыўную аналітычную работу.

Правільнае вызначэнне і адпаведнае афармленне паслядоўнасці развіцця гістарычнай падзеі пры стварэнні комікса, адказы на пытанні да яго садзейнічаюць фарміраванню ў навучэнцаў лагічнага мыслення, усталявання прычынна-выніковых сувязяў, больш грунтоўнаму засваенню гістарычнага матэрыялу.

Ахейская Грэцыя: міф “Аб пачатку Траянскай вайны”, V клас

 9. Для ўстанаўлення правільнага ходу гістарычных падзей.

Адным з дзейсных відаў заданняў, які можна выкарыстоўваць пры рабоце з коміксам на ўроку гісторыі, з’яўляюцца заданні на ўстанаўленне правільнага ходу гістарычных падзей. У дадзеным выпадку комікс дазваляе развіваць агульнанавучальныя ўменні – лагічна структураваць веды, сінтэзаваць іх. Напрыклад, пасля вывучэння тэмы “Вялікая вайна" і Грунвальдская бітва” (§ 8 вучэбнага дапаможніка, гісторыя Беларусі, VI клас) вучням прапаноўваецца разгледзець ілюстрацыі, прачытаць пра што распавядаюць удзельнікі падзей, пасля лагічна выбудаваць сюжэт комікса і выканаць заданні.

“Вялікая вайна і Грунвальдская бітва

Пытанні і заданні:

1. Расстаўце малюнкі ў правільнай храналагічнай паслядоўнасці.

2. Пра якія падзеі вядзецца гаворка ў коміксе?

2. Ці пазналі вы персанажаў комікса? Чаму вы так думаеце? Калі гэта рэальныя фігуры – назавіце іх.

3. Што ў коміксе адпавядае рэальным фактам? Што з’яўляецца выдумкай? Чаму вы так лічыце?

4. Якія сімвалы, дэталі вы заўважылі ў коміксе? Каму яны маглі належаць? Пра што яны сведчаць?

5. Назавіце прычыны Вялікай вайны?

6. Што паслужыла повадам да вайны?

7. Удзельнікі вайны.

8. Чым у гісторыі вядома Грунвальдская бітва?

9. Калі б у вас была магчымасць стаць аўтарам праекта помніка ў гонар Грунвальдскай бітвы, то якой гістарычнай асобе вы яго прысвяцілі, і ў якім месцы паставілі.

 10. Праверка дамашняга задання, этап першаснага замацавання ведаў.

Выкарыстанне коміксаў значна актывізуе інтэлектуальную актыўнасць школьнікаў. Пры гэтым акцэнт у пазнавальным працэсе пераносіцца з пасіўнага на актыўнае ўспрыманне навучальнага матэрыялу. Вынікам работы навучэнцаў над коміксамі становяцца створаныя і замацаваныя ў свядомасці навучэнцаў гістарычныя вобразы, якія можна аднесці да аднаго з відаў творчага ўяўлення. Так праверка дамашняга задання праходзіць нашмат цікавей, калі заданні запісаць у комікс. Выбар і форма заданняў могуць быць разнастайныя.

Заданне: Запоўніце пропускі ў тэксце, выпраўце гістарычныя памылкі.

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. Гісторыя Беларусі, VІІ клас

Першыя крокі чалавека сучаснага віда. Сусветная гісторыя, V клас

11. Праца ў групах.

Па форме арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў над стварэннем коміксу – гэта сапраўдная кааператыўная форма навучання, бо дзеці працуюць у невялікіх групах, каб забяспечыць найбольш эфектыўны вынік для сябе і сваіх таварышаў. Дзейнасць навучэнцаў складаецца з наступных этапаў:

а) аб’яднанне ў групы;

б) заданне (інструктаж) групам;

у) калектыўнае выкананне;

г) прадстаўленне вынікаў групавой працы.

Перад пачаткам працы групы над выкананнем творчага задання не лішнім будзе даць вучням кароткую інструкцыю, якая дапаможа ім арганізаваць сваю працу.

Праца ў групе мае асаблівае значэнне, паколькі ў працэсе творчай дзейнасці над стварэннем коміксу вучні:

1) развіваюць навыкі міжасобасных зносін;

2) развіваецца пачуццё пазітыўнай узаемазалежнасці;

3) ствараюцца ўмовы для асобаснага ўзаемадзеяння, што, у сваю чаргу, стымулюе індывідуальную дзейнасць вучня.

Магчыма, найбольш важным момантам пры групавой рабоце з’яўляецца падвядзенне вынікаў. Варта пасля выканання творчага задання правесці конкурс коміксаў – абмеркаваць іх удалыя знаходкі і недахопы. Акрамя таго, аўтары павінны мець магчымасць публічна абараніць свае працы, адказаць на пытанні педагога і аўдыторыі. Аналіз выкананых работ навучэнцамі і дапушчаныя імі памылкі дазволяць настаўніку ўсталяваць глыбіню гістарычных ведаў навучэнцаў. Аднак, які б варыянт падвядзення вынікаў не абраў настаўнік, навучэнцы перад пачаткам працы павінны ведаць, на аснове якіх крытэрыяў будзе ацэньвацца іх праца.

Асноўны паказчык выкананага задання – адпаведнасць сюжэта комікса гістарычным рэаліям, уменне ў невербальнае форме перадаць гістарычную інфармацыю. Гэтым мэтам падпарадкоўваюцца і дадатковыя канкрэтныя творчыя заданні, якія развіваюць уяўленне, фантазію і асацыятыўнае мысленне.

Змены ў грамадстве. Гісторыя Беларусі , VІ клас

Заданне. Праца з ілюстрацыямі і вучэбным матэрыялам арганізуецца ў чатырох групах: “Сялянства”, “Мяшчане”, “Шляхта”, “Духавенства”. Навучэнцы павінны ўявіць сябе жыхарамі пэўнага саслоўя XVI – XVIІ ст., на аснове тэксту вучэбнага дапаможніка скласці апавяданне пра сваё жыццё і аформіць у выглядзе коміксу.

 12. Састаўленне комікс-канспекта.

Вывучаць тэму параграфа нашмат цікавей з прымяненнем комікса ў якасці канспекта. Вучні слухаюць аповяд настаўніка (або іншы варыянт вывучэння тэмы) і карыстаючыся канспектам дапаўняюць яго, выпраўляюць, калі патрэбна, гістарычныя памылкі. У канцы ўрока ідзе абмеркаванне па пытаннях або ў іншай форме.

Першыя крокі чалавека сучаснага віда. Сусветная гісторыя, V клас

Пытанні і заданні:

  1. Запоўніце на працягу ўрока прапанаваны канспект.
  2. Выпраўце, калі патрэбна, гістарычныя памылкі.
  3. Назавіце краіны і народы, якія ўвайшлі ў склад дзяржавы Аляксандра.
  4. Як вы лічыце, якія якасці Аляксандра дапамаглі яму ў час ваеннага паходу?
  5. Расстаўце падзеі ў правільнай паслядоўнасці, згодна з ходам баявых дзеянняў.
  6. Працягніце лагічны ланцужок па стварэнні дзяржавы Аляксандра: Афіны – … – … – … – … – … – … – … – … – … – Вавілон
  7. У чым прычына хуткага распаду дзяржавы Аляксандра?
  8. Ці згодны вы з тым, што Аляксандра называюць Вялікім? Якога чалавека можна назваць вялікім? 

Вобласць прымянення коміксу ў якасці сродку навучання вялікая і прадуктыўная. Комікс не толькі дазваляе зарыентавацца ў якой-небудзь тэме або пытанні, ён здольны абудзіць цікавасць да яго далейшага, больш глыбокага вывучэння. Комікс здольны вырашыць праблему матывацыі, цікавасці да вучобы, без якой не можа быць сапраўднай вучэбнай дзейнасці. Ён захапляе, натхняе, стымулюе творчую актыўнасць, прымушае займацца самаадукацыяй, ператвараючы вучобу ў радасную, асэнсаваную дзейнасць.

Лічу, што комікс з’яўляецца магутным інструментам уздзеяння на дзяцей і, натуральна, можа і павінен выкарыстоўвацца ў сферы адукацыі.

Калі педагогаў бянтэжыць слова “комікс”, і яны не хочуць называць коміксы коміксамі можна скарыстацца тэрмінам “візуальная гісторыя”. Сутнасць справы не зменіцца. Але грэбаваць іх дыдактычным патэнцыялам не варта. Я ўпэўнена, што любы настаўнік, глянуўшы на пытанне шырока, зразумее, што комікс можа быць яму карысны. А пераканаўшы сябе ў гэтым, ён знойдзе масу шляхоў і магчымасцяў выкарыстання яго ў навучальным працэсе і пазакласнай працы.

Коміксы могуць стаць яркім дадаткам, “изюминкой” урока, пяціхвілінкай гумару, якая дазваляе падняць навучальны дух, але не могуць запоўніць сабой увесь урок. Я ўпэўнена, што любы настаўнік зразумее, што комікс можа быць яму карысны, бо знойдзе шмат шляхоў і магчымасцяў выкарыстання яго ў адукацыйным працэсе.

[1] Чернова Н. В., Макарова Н. Н. Наглядные методы обучения и проектные методики на уроке истории // Перспективы науки и образования. 2018. № 6 (36). С. 109.

[2] Давидовская Г.Э. Дидактический потенциал комикса как средства визуализации при обучении истории // Гісторыя і грамадазнаўства. 2017. №12.  С.10-11.

[3] Шумель, Т. І. Комікс як сродак медыяадукацыі / Т. І. Шумель // Беларускі гістарычны часопіс». – 2019. – № 5. – С. 45-54.



Конструктор интерактивных заданий BoxApps

  Конструктор интерактивных заданий BoxApps С.А. Кудрявцева, И.Л. Харевич        Для создания интерактивных упражнений существует большое ...